- Категория:
- Автор:ИнтексПресс
- Рейтинг:0.0/0
- Активность:1050
У парку пры былой сядзібе Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве робяць дарогу – выкарчавалі дрэвы і пабурылі будынак былой кузні.
Пра тое, што ў Вялікай Сваротве мясцовыя гаспадарнікі робяць дарогу праз старадаўні парк і знішчаюць дрэвы, эколагам і журналістам паведамілі вяскоўцы.
Сапраўды, сёння цэнтральная частка парка ў Вялікай Сваротве спярэшчана пратэктарнымі слядамі гіганцкіх колаў, паўсюды насыпаныя кучы жоўтага пяску, ляжаць выдраныя дрэвы.
Раз'езджаная трактарнымі коламі зямля, кучы будаўнічага пяску, паваленыя дрэвы ў цэнтральнай частцы парку пры колішняй сядзібе Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун
– Незваротна пашкоджаная частка паркавай тэрасы: знішчана некалькі старых дрэваў, зрыта частка сцяны бэзу, моцныя механічныя пашкоджанні атрымаў быдынак былой кузні, да якой вядуць сляды трактара-пагрузчыка. Тое, што за амаль 200 гадоў не разбурылі ні войны, ні час – разбурыў нейкі механізатар, – пракаментаваў ўбачанае ў Вялікай Сваротве старшыня эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання "Неруш” Уладзімір Зуеў.
Да свежапабураных сценаў былой кузні вядуць сляды трактарных колаў. Будынак кузні стаіць на беразе рэчкі, пры самай дарозе, якую цяпер пашыраюць і падсыпаюць. Вялікая Сваротва, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун
Па словах эколага, парк у Вялікай Сваротве адметны некалькімі індыкатарнымі відамі фаўны. Тут, напрыклад, жыве ўстойлівая папуляцыя звычайнай квакшы – невялікая, але мілавідная жабка, якая жыве пераважна на дрэвах і кустоўі – занесена ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды як від, што патрабуе ўвагі. У парку адзначаецца шмат вінаградных смаўжоў, якіх у Беларусі здабываюць у прамысловых маштабах, аднак гэта здабыча строга лімітавана.
Будаўніцтва дарогі ў парку ў Вялікай Сваротве таксама можа парушыць спакой стронгі – аднаго з найкаштоўнейшых беларускіх чырвонакніжнікаў сямейства ласосевых, які жыве і нерастуе ў мясцовай рэчцы Сваротва. Дарога, якую цяпер робяць у Вялікай Сваротве, акурат вядзе да броду праз рэчку ў межах парка.
Дарога, якую гаспадарнікі пракладаюць праз парк у Вялікай Сваротве, 15 лістапада. - Асаблівай патрэбы ў гэтай дарозе няма, бо побач ёсць іншая палявая дарога. Да таго ж дарога праз парк робіцца непрафесійна і непрактычна, без зняцця арганічнай глебы. Пасл
Кіраўнік філіяла "Пачапаўскі” птушкафабрыкі "Дружба Ігар Грыб, чые палі атачаюць Вялікую Сваротву, пацвердзіў у размове з Intex-press, што яго гаспадарнікі сапраўды падсыпаюць і пашыраюць дарогу праз парк на месцы старой, зарослай з часам вясковай дарогі, каб сельскагаспадарчая тэхніка мела дадатковае выйсце на палі па іншы бок Сваротвы.
– У мяне на тым беразе каля 500 га палёў. Я ж не магу ўсю тэхніку праз вёску пускаць! – агучыў сваю пазіцыю Ігар Грыб.
І ўсё ж дазволу на правядзенне дарожна-будаўнічых работ, па яго словах, гаспадарнікі не атрымлівалі.
– Які дазвол ад мяне патрабуецца, калі я праводжу сельскагаспадарчыя работы! – выказаў меркаванне Ігар Грыб.
Выгляд з тэрасы парка ў Вялікай Сваротве ў бок рэчкі, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун
Аднак, як паведаміў Intex-press начальнік Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Алег Загурскі, гаспадарнікі ўсё ж мусілі атрымаць дазвол на будаўніцтва дарогі і выкарчоўванне дрэваў, тым больш, што будаўніцтва адбываецца ў 25-метровай водаахоўнай зоне рэчкі Сваротвы.
У найбліжэйшы час супрацоўнікі інспекцыі паабяцалі выехаць на месца, каб разабрацца з сітуацыяй.
Рэшткі былой сядзібы Незабытоўскіх з паркам у Вялікай Сваротве, выгляд ад ракі Сваротвы, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун