Главное меню
Як адзначалі Масленіцу сто гадоў таму
  • Категория:
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    746
Фото: www.ng.by
Фото: www.ng.by
Водар бліноў у паветры, гучныя званочкі на конях, вясёлыя спаборніцтвы, жарты, песні і танцы ля вогнішча, у якім палае саламяная лялька. Такія асацыяцыі выклікае Масленіца ў большасці з нас. І менавіта такім чынам прапануюць яе адсвяткаваць беларускія музеі, аграсядзібы і этнаграфічныя комплексы. Аднак зазірнём у гісторыю. Як адзначалі Масленіцу нашы продкі сто — дзвесце гадоў таму? Ці адрозніваліся масленічныя звычаі ў розных рэгіёнах краіны? Чым паласкалі зубы на наступны дзень пасля Масленіцы? І навошта залазілі падчас свята на саламяны стог?

Асаблівасць Беларусі ў тым, расказвае доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна, што на яе тэрыторыі існуе вельмі багатая, разгалінаваная і архаічная ў сваіх вытоках масленічная звычаёвасць, якая характарызуецца досыць лакальнай выразнасцю. Гэта азначае, што многія невялікія рэгіёны на тэрыторыі Беларусі маюць свае асаблівасці святкавання Масленіцы.

Дзед косткай падавіўся

— На тэрыторыі Беларусі існуе ўнікальны і паказальны звычай, які называецца "Пахаванне Дзеда". Ён распаўсюджаны ў паўночна-ўсходняй Беларусі (Гарадоцкім, Шумілінскім, Лёзненскім і часткова Полацкім раёнах). У панядзелак, першы дзень Масленічнага тыдня, калі ўжо забаранялася есці мяса, хавалі "дзеда, які косткай падавіўся". Дзеда, якога называлі Сідоркай, выраблялі ў чалавечы рост з саломы, апраналі ў мужчынскае адзенне, клалі на лаўку і пачыналі па ім галасіць: "Ах ты, дзедка, куды ты сабраўся, навошта нас пакідаеш..." Падкрэслівалася, што дзеду гэтаму вельмі шмат гадоў, больш за сто, і што ён усёй вёскі дзед. А таксама акцэнтавалася ўвага на яго мужчынскай юрлівасці і пажадлівасці. З качалкі або морквіны рабілі мужчынскія атрыбуты, якія вяроўкай, працягнутай праз нагавіцы, прыводзіліся час ад часу ў рух. (Вядома, на абрад дапускаліся толькі пажылыя жанчыны.) Пачыналі казаць: "Ты па ўсіх жанчынах прайшоў, дзяцей нарабіў усёй вёсцы, а цяпер нас пакінуў". І так натуральна галасілі, што аж мурашкі па скуры. Але, вядома, і рагаталі. Аплакаўшы, дзеда везлі на саначках закопваць у снег, быццам перадаючы яго пладавітасць зямлі.

А напрыканцы Масленічнага тыдня, калі прынята было есці сыр, масла, тварог, бліны, адбывалася "Пахаванне Бабы", якая "падавілася сырніцай". Як і Дзеда, Бабу аплаквалі і неслі на вуліцу.

— На тэрыторыі Беларусі гэты звычай унікальны — захаваўся толькі ў вёсцы Маскаляняты Гарадоцкага раёна, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — Але мае шмат агульнага са спальваннем Масленіцы, якое мы сёння назіраем у адноўленым выглядзе, да прыкладу, у Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам, калі робяць вялікае пудзіла, а пасля яго спальваюць, імкнучыся ў першую чаргу пазбавіцца ад усяго старога і дрэннага, ад усіх хвароб, грахоў і хібаў.

Ёлка на Масленіцу

А на самым поўдні краіны на Масленіцу ўжо пачыналі гукаць вясну.

— Маладыя дзяўчаты высякалі ў лесе невялікую елачку, упрыгожвалі яе і ішлі з ёй на прагалінку, дзе ўжо не было снегу, або лезлі на стагі, бліжэй да сонца, і гукалі вясну: "Гу, вясна, гу, красна, што ты нам прынясла?" — расказвае Таццяна Васільеўна.

У розных рэгіёнах Беларусі па-свойму не толькі адзначалі Масленіцу, але і пяклі бліны. На Гомельшчыне, да прыкладу, бліны кожны дзень пяклі з новай мукі (пшанічнай, жытняй, грэцкай і гэтак далей), імкнучыся паўплываць на ўраджай кожнага віду збожжа. Па-рознаму і аздаблялі бліны. Дзесьці проста палівалі маслам, дзесьці падавалі са смятанай і ягадамі. Мяса не ўжывалі — рыхтаваліся да посту. 

Дарэчы, у многіх рэгіёнах Беларусі адбываўся так званы паласказуб, калі паласкалі зубы гарэлкай, каб не засталося ў роце ні кавалачка мяса, ні тварагу. А яшчэ старанна вымывалі ўсе гаршчкі ад скаромнай стравы. Ні мяса, ні малака, ні песень з танцамі. Усе рыхтаваліся да посту і чакання Вялікага свята. 
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar