Главное меню
Яркі талент Уладзіслава Галубка
  • Категория:
  • Автор:
    Литвинович Александр
  • Рейтинг:
    5.0/1
  • Активность:
    1268

Яркі талент Уладзіслава Галубка

Таленты нацыянальнага маштабу нараджаюцца не часта. А 1882 год падараваў Беларусі найярчэйшых зорак беларускай культуры: прарока нацыянальнай самасвядомасці Янку Купалу, летапісца і філосафа сялянскага жыцця Якуба Коласа, нястомнага тэатральнага дзеяча Уладзіслава Галубка. Яны ніколі не аддзялялі сябе ад народа, не выракаліся яго працы, яго побыту, яго мовы, і ўсе тры мелі гонар быць першымі народнымі: першым народным паэтам Беларусі ў 1925 годзе стаў Янка Купала, другім у 1926 г. – Якуб Колас, трэцім народным, але ўжо артыстам, у 1928 годзе стаў Уладзіслаў Галубок.

Алесь КОРНЕЎ

Уладзіславу Галубку (да 130-годдзя з дня нараджэння)

Не памятае станцыя Лясная,

Як совы гукалі, што паравозы,

Затое час той дзіўны ўспамінае,

Калі люлялі Галубка бярозы.

Быў лёс яму прызначаны рабочы,

Каб стомленым імкнуўся да адхлані.

А ён быў да гармонікаў ахвочы,

Таміўся ў вершыках, у маляванні.

Ды шлях жыцця пракладваўся не прама –

Ў часы наканаванасці магічнай,

Зліваючыся то з жыццёвай драмай,

А то з камедыяй, з камедыяй трагічнай.

I, мо, таму ён робіцца акцёрам

I аднадумцаў заклікае ў купу;

Сваім натхненнем, а то проста зморам

Таленавітую стварае трупу.

Блукае з ёй па вёсках і мястэчках.

Ён – і асветнік, ён – і агітатар,

Бо людзям праўду выяўляў у спрэчках...

Непараўнальны ў Галубка тэатр!

Хай у артыстаў чуб і вусы з паклі,

Ды з рукавоў струменяць рукі-промні...

Усё жыццёвае ідзе ў спектаклі!

Глядач, усведамі! Навек запомні!

Аднак узніклі зайздрасць і даносы.

А што далей? Ці ведаем усё мы?

Ламаў бязлітасна людскія лёсы

Шалёны, звар’яцелы трыдцаць сёмы.

Калі збянтэжаныя сталіністы

Раздзьмулі рэпрэсіўныя кадзілы.

Ды... "беларусы-нацыяналісты”

Усё ж край уваскрасілі, адрадзілі!

Сягоння мы сабраліся ў палацы,

Шануем Галубка Уладзіслава.

Акцёры, арлекіны і паяцы,

За пастаноўкі – слава вам і слава!

15 мая спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Галубка. Яму было наканавана першым з гэтых трох волатаў з’явіцца на белы свет, каб, бліснуўшы разнастайнай мастацкай адоранасцю, стварыць сваю незаменную старонку ў гісторыі беларускага тэатра.

З юнацтва гэта быў чалавек шматбаковых здольнасцяў. Яго вабіла ўсё: і чысціня матчынай песні, і цудоўная мелодыя аргана, і хараство занатаванага на палатне пейзажа, і шчырасць беларускага мастацкага слова… Як сапраўдны самародак самастойна вывучыўся ігры на барытоне і трамбоне, пазней стаў іграць на гармоніку. Літаратурную дзейнасць традыцыйна пачаў з вершаў. Першы, надрукаваны ў «Нашай ніве» 6 чэрвеня 1908 года,  меў назву «Доля мужыка». На старонках газеты друкавалася і проза Галубка. Першым было апублікавана апавяданне «На вяселле», падпісанае псеўданімам «Сымонка». Больш пісьменнік ніколі не карыстаўся ім, спыніўшыся на ласкавым вытворным ад  свайго прозвішча – «Галубок».  Яго вершы, гумарэскі, лірычныя абразкі, сімвалічныя замалёўкі напісаны простай, жывой, народнай мовай. Тэмы ўзяты з жыцця беларускага сялянства. Паводле ацэнкі Максіма Багдановіча, Уладзіслаў Галубок «піша бойкія і вясёлыя апавяданні, да чаго мае праўдзівую здольнасць». Яшчэ ў 1913 годзе ў Пецярбурзе выйшла ягоная кніжка «Апавяданні». 

Шматгранны талент Галубка яскрава праявіўся і ў выяўленчым мастацтве. Яго пейзажы атрымалі прызнанне ў мастакоўскім асяроддзі і маглі б ўпрыгожыць любую выставачную залу. І ў Мінску, і ў іншых гарадах, па якіх вандраваў тэатр Галубка, ладзіліся выстаўкі яго мастацкіх работ. Пры ўсякім выпадку, раніцою, выбіраўся мастак на прыроду. Заўсёды захапляўся прыгажосцю мясцін Беларусі і стараўся занатаваць іх. Гэта захапленне дапамагала яму і ў тэатральнай дзейнасці: уласнаручна маляваў дэкарацыі, пісаў афішы. На вялікі жаль, пасля арышту амаль усе карціны зніклі і зараз толькі асобныя захаваныя ў асабістых калекцыях работы нагадваюць нам аб творчасці Галубка-мастака.

Аднак не літаратура, не жывапіс, не музыка вызначылі яго творчы шлях. Яго чакала іншая слава: акцёра, драматурга, рэжысёра, заснавальніка сучаснага беларускага тэатра. 10 жніўня 1920 года ў рабочым клубе каля тысячы жыхароў Мінска сталі сведкамі першага спектакля па яго п’есе «Суд». Так пачаў сваё жыццё тэатр, узначалены Галубком. Пазней яго назавуць Беларускі вандроўны, Трэці БДТ, або проста тэатрам Галубка з галубянятамі. Гэты тэатр – унікальная з’ява ў гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі. Ён стаў вандроўным не толькі з-за адсутнасці стацыянарнага памяшкання. У аснову яго дзейнасці былі закладзены ідэі Галубка, для якога мэтай, грамадзянскай місіяй было – працаваць, тварыць для пакуль яшчэ зусім не дасведчанага ў сцэнічным мастацтве гледача. Ехаць, ісці, дабірацца да тых, хто яшчэ ні разу не бачыў прафесіянальных спектакляў, жывых акцёраў, несці ім сваё мастацтва, увогуле культуру, асвету, далучаць насуперак жыццёвым нягодам людзей да тэатра, абуджаць у іх любоў і павагу да яго. Толькі ў гэтым бачыў сэнс сваёй творчасці і жыцця.

У справу Галубка паверылі. І,  у першую чаргу, самі ўдзельнікі трупы, сярод якіх прафесіяналаў было вельмі мала. Аснову трупы складала яго сям’я, пісьменнікі Алесь Дудар, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Іларыён Барашка. У яскравых акцёраў ператварыліся былыя рабочыя – Канстанцін Быліч, Уладзімір Дзядзюшка… Часта ад вёскі да вёскі артысты дабіраліся пехатою, несучы на сабе свой няхітры рэквізіт. Колькасць спектакляў, дадзеных у правінцыі, вылічвалася сотнямі. За шэсць гадоў іх было паказана 1500. 

Апантаная дзейнасць Беларускага вандроўнага тэатра стала сапраўднай славай беларускага мастацтва. А многія з тых 40 драм і камедый і сёння ў рэпертуары беларускіх аматарскіх і прафесійных тэатраў.

Яго арыштавалі «традыцыйна» на досвітку, у 1937 – самым змрочным з тых крывавых гадоў. Падчас рэабілітацыі яго сям’і даслалі даведку, што ён памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі, але верагодней усяго жыццё яго абарвалася ў тым жа 1937-м.

Водсвет славы гэтай знакамітай асобы асвятляе і нашу Баранавіцкую зямлю. Менавіта тут на станцыі Лясная ў сям’і рабочага-чыгуначніка нара-дзіўся будучы творца. Неўзабаве сям’я перабралася на сталае жыццё ў Мінск, які стаў для Уладзіслава Галубка горадам вучобы, працы, жыцця, творчых дасягненняў. Тут у Траецкім прадмесці зараз працуе філіял музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры «Гасцёўня Уладзіслава Галубка», дзе размешчана  пастаянная экспазіцыя «Жыццёвы і творчы шлях першага Народнага артыста Беларусі Ула-дзіслава Галубка». Ёсць у жылым раёне Кунцаўшчына сталіцы і вуліца яго імя.

А на малой радзіме таксама з гонарам ушаноўваецца ягоная памяць. У вёсцы Лясная 26 жніўня 1990 года ўрачыста адкрыты памятны знак з шыльдай. На ёй надпіс: «Уладзіславу Галубку, выдатнаму грамадскаму дзеячу, драматургу, паэту,  актору, мастаку ад удзячных нашчадкаў».

Адна з вуліц вёскі Лясная носіць імя Уладзіслава Галубка. У Ляснянскай сярэдняй школе размешчаны музейны куток, прысвечаны знакамітаму земляку.

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В.П. Таўлая даследчыкі яго жыццёвага шляху і творчасці знойдуць выданні літаратурнай спадчыны Галубка-драматурга, празаіка, паэта, публіцыста. З розных крыніц сабраны матэрыял аб яго шматграннай дзейнасці і сфарміраваны ў папку-дасье. Ёсць тут матэрыялы і аб па-дзеях рэспубліканскага фестываля аматарскіх тэатраў «Гасціны ў Галубка», які адбыўся ў Баранавічах 8-10 снежня 1995 года. Да 130-годдзя з дня нараджэння выдадзена персанальная бібліяграфія твораў У. Галубка і публікацый аб ім. На веб-сайце бібліятэкі (www.tavlay-library.by) размешчана фотагалерэя да юбілея тэатральнага класіка, а ў чытальнай зале літаратуры па краязнаўству разгорнута кніжная выстаўка «Яркі, шматгранны талент».

Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar