Главное меню
Сляды спадчыны. Моўчадзь
  • Категория:
  • Автор:
    Литвинович Александр
  • Рейтинг:
    0.0/0
  • Активность:
    1304
Моўчадзь. Старая забудова ў цэнтры

Моўчадзь. Старая забудова ў цэнтры

Некаторыя называюць Моўчадзь беларускай Швейцарыяй. Калісьці гэта было габрэйскае мястэчка, а сёння проста вялікае сяло ў пойме ракі Маўчадкі, што на поўначы Баранавіцкага раёна, на самай мяжы з Гарадзеншчынай. Вакол Моўчадзі няма гор, як у Швейцарыі, але ёсць маляўнічыя лясныя ўзгоркі і бяскрайнія зялёныя лугавіны.

Послать комментарий (3)Отправить ссылку другу Напечатать изменить шрифт:A+|A-

Учора

 

Узнікненне населенага пункта з назваю Моўчадзь датуецца яшчэ канцом XV ст. Хаця, па сведчаннях гісторыкаў, ваколіцы сённяшняй Моўчадзі з глыбокай даўніны былі прывабнымі для засялення людзьмі. Зямля тут літаральна крываточыць крыніцамі, якія жывяць мясцовую рэчку Маўчадку, левую прытоку Нёмана. У пойме ракі – бяскрайнія зялёныя лугавіны і лясныя ўзгоркі. Археалагічныя раскопы пацвярджаюць, што яшчэ да старажытных славян тут сяліліся скіфы.


Як піша даследчык гісторыі Моўчадзі Віктар Хіркоўскі, мястэчку здавён не шанцавала з пажарамі, якія шматкроць знішчалі паселішча. Напрыклад, у 1654 годзе агонь знішчыў Моўчадзь дазвання. Пасля катастрофы ўсе пагарэльцы на чатыры гады былі цалкам вызвалены ад падаткаў. Праз два стагоддзі чарговы пажар зноў "праглынуў” большую частку мястэчка.


Як і ў шмат якіх іншых беларускіх мястэчках, яшчэ да XIX ст. у Моўчадзі ўтварылася вялікае габрэйскае брацтва. Даволі згадаць такія лічбы паводле Геаграфічнага слоўніка польскага Каралеўства: у 1889 годзе насельніцтва Моўчадзі складала 1 128 чалавек, з іх 702 былі габрэі.


Перадусім дзякуючы ім мястэчка зазнала імклівае прамысловае развіццё на мяжы XVIII – XIX стст. Тут функцыянавалі ўласная гарбарня, млын, крыху пазней – ГЭС, былі адчынены аптэка і карчма. Чыгунка звязвала Моўчадзь на Поўначы з Вільняй, на Поўдні – з Баранавічамі, адкуль ішла далей, да самай мяжы з Румыніяй. Паміж станцыямі была наладжана паштовая і тэлеграфная сувязь.

 

Млын

Млын

 

Сёння

 

Колішняя габрэйская інфраструктура Моўчадзі сёння часткова занядбаная, часткова заселеная, а часткова дастасаваная да актуалій сучаснасці. Напрыклад, дыхтоўны будынак былой аптэкі ў цэнтры мястэчка, а таксама млын стаяць закінутыя. Будынак ГЭС  знаходзіцца ў руінах. У былой габрэйскай карчме сёння жывуць вяскоўцы. Былое месца рэлаксацыі насельнікаў Моўчадзі і сёння лёгка пазнаецца: фасад будынка карчмы ўпрыгожаны выяваю зоркі Давіда і келіхам.

 

Карчма

Карчма

 

У старой сінагозе цяпер "прапісаўся” сельскі клуб. Да непараднага боку ранейшага храма сёння "прылеплена” ардынарная прыбудова з сілікатных блокаў. Шыльда на ёй сціпла паведамляе, што тут захоўваецца… "счастье”.
На ўзвышках Моўчадзі знаходзяцца старыя каталіцкія, праваслаўныя, а таксама габрэйскія могілкі з пахіленымі мацэвамі. Частка габрэйскіх могілак сёння "акупавана” прыватнымі панадворкамі.

 

Сінагога (сёння - клуб)

 

Старыя габрэйскія могілкі

Старыя габрэйскія могілкі


Сапраўднай архітэктурнай перлінай Моўчадзі, якую мы захавалі да гэтых дзён, з’яўляецца царква святых апосталаў Пятра і Паўла. Яна была пабудавана яшчэ ў 1869 – 1873 гадах. У царкве захоўваецца пазалочаны белы іканастас і рарытэтны абраз Святога Аляксандра Неўскага, створаны ў 1866 годзе. Вакол царквы захавалася таксама арыгінальная каменная агароджа з брамаю, а ўздоўж муроў агароджы – старыя кляновыя і бэзавыя прысады.

 

Петрапаўлаўская царква ў Моўчадзі

Петрапаўлаўская царква ў Моўчадзі

 

Па старых моўчадскіх вулках вельмі прыемна пашпацыраваць у любы час года. У цэнтры мястэчка і ў асобных завулках месцамі яшчэ ляжыць стары брук, які захоўвае атмасферу гэтай старадаўняй мясціны, са сваёй непаўторнай гісторыяй і міфалогіяй.


З Баранавіч да Моўчадзі вядзе якасна заасфальтаваная дарога з маляўнічымі пейзажамі паабапал яе. Пасля адсюль можна скіравацца ў не менш цікавыя гістарычныя мясціны – альбо далей на поўнач, да Дзятлава, альбо рэзка звярнуць на поўдзень, да Слоніма.

Никто не решился оставить свой комментарий.
Будь-те первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar