Главное меню

Ідэя пакарыць Эльбрус ўзнікла ў асяроддзі баранавіцкіх экстрэмалаў даўно. Да гэтага на вяршыню 5642 метры ужо двойчы узыходзіў жыхар гэтага горада Ігар Січкар, прычым першы раз ён здзейсніў гэта адзін. Па шчырасці, сама думка пра ўзыходжанне на Эльбрус многім вопытным турыстам з Баранавіч падавалася авантурнай: практыкі пад’ёму на такую вышыню ні ў кога не было, большасць баранавіцкіх аматараў вандровак цешыліся тым, што пабылі на вяршыні ўкраінскай Гавэрлы. Але…

Зборы былі нядоўгімі, і ўвечары 18 жніўня турысты, прыхапіўшы неабходную вопратку, абутак і лыжныя палкі, рушылі на мікрааўтобусе ў бок Кабардзіна-Балкарыі. Праз два дні, мінуўшы Смаленшчыну, Браншчыну, Арол, Варонеж, Растоў, Пяцігорск, прайшоўшы рэгістрацыю ва ўзброеных да зубоў паліцэйскіх у раёне Баксанскай даліны, група была ўжо каля падэшвы гары Чэгет. Ноч правялі ў гасцініцы «Накра», што ў перакладзе з балкарскай азначае «Даліна гор».

Гаспадар яе — 78-гадовы жыхар пасёлка Эльбрус, майстар спорту СССР па альпінізму Султан Саттаеў. Дзед Султана, Ахія Саттаеў, 148 год таму адным з першых узышоў на вяршыню Эльбруса ў якасці правадніка англійскай экспедыцыі.

Пераначаваўшы ў гасціннага гаспадара, беларускія турысты вырашылі, як і было запланавана, узысці для акліматызацыі і размінкі на вяршыню Чэгета (3761 метр). На пад’ёмніку дабраліся да плато і пачалі ўзыходжанне. Хоць сцяжынкі да вяршыні і прабітыя, але трэба сказаць, што ўзнімацца — справа нялёгкая. Па-першае, неспрактыкаваных даймае задышка — на вышыні адчуваецца недахоп кіслароду. Ёсць на Чэгеце і памятныя дошкі па загінуўшых на гары… Таму галоўнае — не спяшацца, крокі рабіць прыкладна на даўжыню свайго ступака і часцей адпачываць падчас узыходжання. Калі ў гарах чалавек глядзіць толькі сабе пад ногі, ён вельмі хутка стамляецца. А спыніўшыся і агледзеўшыся, мае магчымасць перадыхнуць і палюбавацца прыгажосцю. А ў гарах сапраўды прыгожа! Бурлівыя жоўтыя рэкі, велічныя вадаспады, бель вечных леднікоў на вяршынях…

На Чэгеце сустрэлі турыстаў-горнікаў з Вугоршчыны, Стаўраполля, Масквы, у гатэлі пагаварылі з палякамі. Было там шмат і мясцовых жыхароў, з Нальчыка, якія прыехалі адпачыць на паляну Чэгет.

Правёўшы яшчэ адну ноч у спадара Султана, рушылі да пад’ёмнікаў у Азау, адкуль і патрапілі да падножжа Эльбруса, так званых Бочак. Там паставілі палаткі і прадоўжылі акліматызацыю. У гэты дзень было зроблена шмат. Хто дайшоў да Прытулка-11, хто — аж да скалаў Пастухова (амаль 4700 метраў). Натаміўшыся, паклаліся адпачываць. Некалькі наступных дзён прайшлі ў падрыхтоўцы да штурму вяршыні.

Пачало псавацца надвор’е — у гарах гэта звычайная справа. Пайшоў дождж, потым град, падзьмуў шквальны вецер, адну палатку сарвала, другую пашкодзіла. Але турысты працягвалі свае трэніроўкі і нават у адну з начэй паспрабавалі пачаць узыходжанне (штурм вяршыні звычайна пачынаецца ў 24.00 ці ў тры гадзіны ночы, каб спускацца з гары, пакуль не пачаў пад сонцам раставаць ляднік). Але выратавальнікі, пост якіх знаходзіцца прыкладна на вышыні 4400 метраў, ні адну з груп на гару не пусцілі з-за дрэннага надвор’я.

У чаканні спрыяльных умоў нашы турысты правялі на гары пяць дзён і ўначы 27 жніўня, закінуўшыся на ратраку (трактар з шырокімі гусеніцамі, які раўняе снег на схілах гары) са скалы Пастухова, пачалі штурм. Рызыка была не толькі ў тым, што можа сапсавацца надвор’е — нашы землякі вырашылі абысціся сваімі сіламі, не браць інструктара, паслугі якога каштуюць ад 700 да тысячы долараў.

Узыходжанне на вяршыню і спуск уніз доўжыліся амаль восем гадзін. Пачалі штурм у пяць раніцы. У кожнага з удзельнікаў засталіся ад гэтага свае ўражанні.

— Мы прыстроіліся за трыма масквічамі, якіх вёў інструктар, — расказвае адзін з баранавіцкіх турыстаў Сяргей Памятнёў. — Але яны марудзілі, і нам давялося іх абагнаць. Ішлі адзін за адным, падтрымліваючы сяброў і маральна, і фізічна. На вяршыні быў такі страшэнны вецер і холад, што не змог зрабіць нармальных фотаздымкаў - адубелі пальцы. Добра, што сябры далі цёплую рукавіцу…

Ісці да вяршыні Эльбрусу Сяргею давялося ў зварачных акулярах: снег так адлюстроўвае сонечныя промні, што можна аслепнуць.

— Адчування палёту на вяршыні не было, — гаворыць Сяргей, — было жаданне ісці яшчэ куды-небудзь. Калі ішоў, лічыў крокі - ад Касой Полкі да вяршыні налічыў 6200. Пад’ём там вельмі круты.

Падчас спуску Сяргей Памятнёў меркаваў выкарыстаць для паскарэння працэсу мех з-пад цукру — з’ехаць на ім з гары. Але з гэтага нічога не атрымалася, бо наст быў порысты. Турыст з іншай групы спрабаваў зрабіць тое ж на пластыкавай пяцілітровай бутэльцы. Вынік той жа самы. Дарэчы, пры гэтакім спуску заўсёды ёсць рызыка патрапіць не туды…

Міхась Панамароў з Мінска нёс у рукзаку на вяршыню дзве пластыкавыя бутэлькі вады — звычайна ў час штурму есці не хочацца зусім, а смага мучыць. Але бутэлькі прамерзлі наскрозь, вада ператварылася ў лёд. Добра, што не замерзла вада ў Памятнёва.

— Шчасце наша, што і па дарозе на гару, і ўніз вецер дзьмуў неяк у спіну, — расказвае Міхась. — Эйфарыі ад узыходжання адразу не было. Пасля пяці тысяч перажываў, што пачнецца горная хвароба: там жа вельмі мала кіслароду. Але ўсё абышлося. Стоячы на гары, заўважаеш, якое прыгожае неба! Але пры гэтым страчваеш раўнавагу. Вельмі хацелася ў гэты момант з некім падзяліцца ўражаннямі.

Іна Памятнёва-Пятрова, адзіная ў групе жанчына, да гэтага ўжо хадзіла ў горныя паходы па Крыме. Але ж там зусім іншыя горы! На Эльбрус марыла ўзысці, нагледзеўшыся фільмаў пра альпіністаў і наслухаўшыся аповедаў мужа Сяргея, які ўжо хадзіў у горныя паходы.

— Марыла выпрабаваць сябе і падтрымаць ідэю, — расказвае яна. — Хацелася, каб было прыгожа ўсё. Але тут шмат што забруджана, недагледжана, кожны хоча пакінуць на гарах свае пазнакі. І ўсё ж само ўзыходжанне на вяршыню стала чаканым, запланаваным маленькім цудам! Перад штурмам апранула на сябе ўсё, што мела, як касманаўт, — тры свэдры і дзве курткі, так што было цёпла. Не скажу, што было лёгка, на вышыні пяць тысяч адчула недахоп кіслароду. Але ішлі ўвесь час у добрым рытме.

Максім Бондар, самы малады ўдзельнік узыходжання (25 год), перанёс штурм бадай лягчэй за ўсіх. Дапамагаў іншым, ішоў даволі лёгка.

— На вяршыні быў у захапленні ад убачанага, — гаворыць ён. — З'явілася адчуванне нейкай урачыстасці. Праўда, па дарозе туды ледзь не здзьмула, такі моцны быў вецер. Пафатаграфаваў, агледзеўся. Не хапіла толькі абдымкаў са сваімі.

Самы вопытны баранавіцкі турыст Віктар Бобылеў заўважае: «Эльбрус быў не маёй тэмай, я больш воднік. Але я ведаў, што ўзыду, хаця адчуваў, што гэта цяжкая праца, што рамантыкі там няшмат, а рацыяналізму няма наогул. Але паклікалі сябры… Марылі ўзысці на два дні раней, ды „пашчасціла“ з надвор’ем. Перад узыходжаннем выпіў пілюлі ад горнай хваробы. Аднак гэта пашкодзіла, адчуў слабасць. На седлавіне (на Эльбрусе дзве вяршыні) было дрэнна, стаў засынаць, мерзлі рукі. Замерз і мой фотаапарат. Але на адваротным шляху прыйшло другое дыханне — і за тры з паловай гадзіны спусціўся да Бочак. Увогуле, такія паходы — гэта самаўдасканаленне. Мы адольваем не вяршыні - мы пераадольваем сябе…».

Потым было вяртанне дамоў, заезд на адзін дзень на Чорнае мора, дзве ночы, праведзеныя проста на пляжы пад зоркамі. Каля вогнішча дзяліліся свежымі ўражаннямі аб перажытым.

Удзельнікам вандроўкі быў і аўтар. І мне пашчасціла «патаптаць» вяршыню Чэгета, узняцца па паўднёва-ўсходняму схілу Эльбруса на вышыню 4300 метраў, за Прытулак-11 (4130 метраў над узроўнем мора). Але пабачыўшы, як хутка рухаюцца па гарах мае калегі (усе — гарналыжнікі са стажам 5−10 год, рэгулярна займаюцца спортам), паглядзеўшы на іх экіпіроўку — тэрмабялізну, тэрмакасцюмы, горныя курткі, спецыяльны абутак, я прыйшоў да высновы, што ў маіх камуфляжных штанах «з начосам» і куфаечцы, якая прышпільваецца да «афганкі», з маім вопытам узыходжання толькі на Гавэрлу, я стану абузаю сябрам на гары, яны будуць пастаянна азірацца на мяне і могуць не дасягнуць сваёй мэты.

Таму я, схадзіўшы за Прытулак-11 у красоўках (мог і вышэй, але пачало змяркацца), добра вымачыўшы ногі на ледніку, што па абедзе заўсёды падтае і бруіцца ручаямі, аддаў калегам лекі і ліхтарык і спусціўся праз дзень у даліну.

Дні чакання сяброў не прайшлі марна. Схадзіў на вышыню 2750 да вадаспада «Дзявочыя косы», дзе вада падае з вышыні 30 метраў, на Паляну нарзанаў, купаўся ў горных рэчках, піў нацыянальны малочны напой айран, некалькі разоў наведаў Тэрскол… Хапіла часу, каб адчуць філасофію гор і зразумець, што яны сапраўды прыцягваюць, хаця і не даруюць памылак. Я таксама адчуў, што, калі там ступіш не на той камень, гэта можа быць твой апошні крок. Вельмі дакладна напісаў у адным са сваіх вершаў пра горы Уладзімір Высоцкі: «В горах не надежны ни камень, ни лед, ни скала…»

Усяго мы праехалі на «Фольксвагене» падчас вандроўкі больш за пяць тысяч кіламетраў, правёўшы ў дарозе і ў гарах 13 незабыўных дзён.
Читать полностью: http://news.tut.by/culture/514692.html


Популярные темы

06 Сен 2017, 09:02
В БАРАНОВИЧАХ ИЗБИЛИ КОНТРОЛЕРА
02 Сен 2017, 13:25
Крик души гродненского железнодорожника наделал шума
08 Сен 2017, 16:59
Общепит. Новый Автограф. Обед
05 Сен 2017, 16:46
Возле Тартаков полная машина молочной продукции ушла в кювет
Никто не решился оставить свой комментарий.
Будьте первым, поделитесь мнением с остальными.
avatar